Реклама от www.by: Создайте себе сайт-визитку бесплатно!
Белорусский конструктор сайтов
www.by/create/site/

Поставим памятник родной деревне

Сайт создал Хмеленок Николай Павлович

Адрес для связи:  khmelenok@gmail.com

Партызанскія «сюрпрызы»

Партызанскія «сюрпрызы»

 

3 успамінаў Ф.А. Загаранскага, былога камандзіра роты партызанскага атрада імя Р.I. Катоўскага

 

Успамінаю некалькі эпізодаў з баявога жыцця нашага атрада.

Камендантам паліцыі ў Брагіне быў нейкі Марчанка, вядомы сваімі здзекамі з мясцовага насельніцтва. Падчас разгрому нямецкага гарнізона ў Лоеве каўпакаўцы ашукалі брагінскую паліцыю. Выкарыстаўшы нямецкую лінію сувязі, яны паведамілі ў Брагін (ад імя лоеўскіх паліцаяў, вядома), што вядуць бой з партызанамі, дабіваюць іх, прапануюць выехаць на дапамогу. Партызаны загадзя замініравалі ўчастак дарогі, наладзіўшы каля гэтага месца засаду. Так машыны з брагінскімі паліцаямі былі ўзарваны. У гэтай акцыі разам са сваімі прыхваснямі-паліцаямі загінуў і камендант Марчанка.

Калі замест загінуўшага каменданта на гэтую пасаду заступіў другі Марчанка, у нашым атрадзе вырашылі расправіцца з ім. Улічваючы, што новы фашысцкі паслугач быў вельмі асцярожным у выездах за межы Брагіна, дамовіліся даканаць яго партызанскай хітрасцю. І даканалі, переслаўшы яму, быццам у знак удзячнасці ад гітлераўцаў, пасылку з мінай нацяжнога дзеяння. Выбухам былі знішчаны Марчанка-другі і некалькі ворагаў.

Наступную аперацыю назвалі «Партызанскі мядок». Сутнасць яе таксама зводзілася да міны-сюрпрызу. У бітон з мёдам паклалі міну з гадзіннікавым механізмам, завёўшы яго на пэўны час. Гэта было зроблена ў вёсцы Савічы-Двор, непасрэдна на пасецы, якая ў той дзень не ахоўвалася паліцэйскімі. На гэты раз не адсылалі свой «падарунак», а арганізавалі ўсё так, быццам партызаны ў паспешлівасці не змаглі захапіць бітон мёду з сабой.

Назаўтра немцы і паліцаі выявілі на пасецы «пакінутую пры адступленні» падводу, на якой стаяў бітон. Баючыся атруты, яны спачатку далі пакаштаваць мёд мясцовым дзецям, а потым, супакоіўшыся, павезлі салодкі груз да будынка, дзе размяшчаўся савіцкі гарнізон. У вызначаны час магутны выбух страсануў паветра над вёскай. Ад яго загінулі 15 фашыстаў і паліцаяў.

Добра помніцца аперацыя, у якую быў уключаны і я. Было дадзена заданне знішчыць у Астраглядах паліцэйскі пост, які ахоўваў нямецкую гаспадарку, створаную на рэштках базы ранейшага саўгаса. Заданне было паспяхова выканана. Тут мы загрузілі сем падвод рознымі, вельмі неабходнымі прадуктамі і ўсё гэта прывезлі ў партызанскі атрад.

Наогул, за час дзеянняў нашага атрада давялося прыняць удзел у некалькіх параўнаўча буйных аперацыях. Добра запала ў памяць адна з іх — разгром брагінскага варожага гарнізона 11 красавіка 1943 года. У ім прымалі ўдзел партызаны са злучэнняў Каўпака, Фёдарава і інш.

… Побач з дарослымі ў партызанскім атрадзе былі і падлеткі. Нярэдка разам са сваімі старэйшымі таварышамі яны прымалі ўдзел баявых аперацыях, аказвалі вельмі неабходную дапамогу атраду ў якасці разведчыкаў. У іх ліку юныя разведчыкі Лёня Бабіч, Лёва Ефіменка, Ваня (Іван Раманавіч) Беразняцкі і іншыя. Бясстрашным лясным салдатам зарэкамендавала сябе шаснаццацігадовая дзяўчына Лідзія Кунцэвіч. Напачатку, улічваючы няхватку баявой зброі, яна мела на ўзбраенні звычайную паляўнічую стрэльбу. Але неўзабаве ў баі здабыла сабе сапраўдную вінтоўку. Разам з партызанамі яна і Оля Калацэй хадзілі на баявыя аперацыі, прымалі ўдзел у разгроме варожых гарнізонаў у Савічах, Аравічах і інш. Ліда загінула ў баі ў 1943 годзе.

...Восенню 1943 года, падчас баёў за Днепр, партызаны ўсяляк дапамагалі наступленню Чырвонай Арміі. Нямала нямецкай тэхнікі ўзляцела ў паветра на нашых мінах, шмат варожых салдат знайшлі бясслаўную смерць ад трапных партызанскіх куль.

 

Запісаў Ю. Я. Залатарэнка

«Маяк Палесся», 1978, 9 мая

Пожаловаться на сайт