Сайт создан на конструкторе www.by.   Создайте и Вы себе сайт бесплатно!

Поставим памятник родной деревне

Сайт создал Хмеленок Николай Павлович

Адрес для связи:  khmelenok@gmail.com

Не давалі ворагу спакою

Не давалі ворагу спакою

 

З успамінаў С.І. Філіпенкі, былога камандзіра партызанскіх атрадаў імя Р.I. Катоўскага і К Я. Варашылава

 

Філіпенка Сцяпан Іларыёнавіч нарадзіўся ў 1908 г. у в Савічы Савіцкай воласці Рэчыцкага павета. Адукацыя 6 класаў. З пачатку 1941 г. і да першых дзён Вялікай Айчыннай вайны працаваў старшынёй Савіцкага спажывецкага таварыства.

З 24 жніўпя 1941 г. у саставе мінамётнай роты 483-га стралковага палка 21-й арміі Паўднёва-Заходняга фронту. На пачатку лістапада 1941 г. полк трапіў у акружэнне на Палтаўшчыне. Пасля выхаду з акружэння С.І. Філіпенка вярнуўся ў родную вёску, куды яшчэ раней прыйшоў з акружэння яго брат Фёдар Іларыёнавіч. Пры дапамозе падпольшчыка, бургамістра Савіцкай воласці А.М. Фурса і спецыяльна накіраванага на работу ў паліцыю дваюраднага брата П.Ц. Анапрэенка Сцянан Іларыёнавіч і Фёдар Іларыёнавіч правялі вялікую работу па стварэнні падпольных патрыятычных груп у вёсках Савічы, Грушнае, Савічы-Двор, Пучын, Жэрднае і інш. У склад іх уваходзілі не толькі мясцовыя патрыятычна настроеныя грамадзяне, але і акружэнцы, што ўцяклі з палону, чырвонаармейцы — ураджэнцы іншых мясцін.

Калі акупацыйныя ўлады пачалі праяўляць цікавасць да братоў Філіпенкаў, яны пайшлі ў лес, каб весці арганізаваную ўзброеную барацьбу з гітлераўцамі і іх паліцэйскімі прыхваснямі.

Пасля вайны С.I. Філіпенка жыў і працаваў на радзіме. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пераселены на пастаяннае жыхарства ў Рэчыцкі раён Гомельскай вобласці.

 

21 снежня я разам з братам Фёдарам і яшчэ адзінаццаццю мясцовымі грамадзянамі, у тым ліку Фамой Якаўлевічам Грыцэнкам з в. Жэрднае, Фёдарам Сямёнавічам Стаяном, Раманам Купрыянавічам Беразняцкім, Міхаілам Фёдаравічам Філіпенкам з в. Савічы і іншымі, а таксама сямю акружэнцамі, якія часова пражывалі ў в. Грушнае (з іх памятаю толькі Мікалая Аляксандравіча Данскога), прышлі ў лес за вёску Нежыхаў і абстралялі там свой лагер. Нас моцна засмучала, што не ва ўсіх партызан была зброя, ды яшчэ непакоіла, што не было прадуктаў. Але пры садзейнічанні бургамістра А.М. Фурса і савіцкіх падпольшчыкаў раздабылі вінтоўкі, патроны, гранаты. Бургамістр таксама прапанаваў удалы план забяспячэння партызан прадуктамі. З воласці вясковым старастам немцамі даваўся загад аб зборы прадуктаў для гітлераўцаў. Калі прадукты везлі ў напрамку Савічаў і Брагіна, папярэджаныя аб гэтым партызаны выходзілі на дарогу і забіралі ўсё з падвод ці саней. Гэткім жа чынам лясныя салдаты ноччу «рэквізоўвалі» і муку на млынах. А бургамістр А.М. Фурс, які перед гэтым даваў нам звесткі аб часе і маршрутах праходжання фурманак з прадуктамі, аб наяўнастці мукі на млынах, назаўтра паведамляў у брагінскую паліцыю і жандармерыю аб тым, што партызаны аграбілі абоз ці млын. Прыкладна гэткім жа чынам мы забяспечваліся мясам і малочнымі прадуктамі. У гэтай справе добра дапамагаў праз А.М. Фурса дырэктар маслазавода ў Савічах, даваенны настаўнік Грушнянскай школы Мікалай Аляксеевіч Лявоненка.

Каб не падвяргаць небяспецы жыццё ездавых, у якіх мы забіралі прадукты, выдавалі ім квітанцыі, завераныя пячаткай вайсковай часці №1476, якую нам передаў С.І. Камека.

У красавіку 1942 года ў нашу групу прыйшоў П.Р. Зіновіч. З ім былі І.М. Садчанка, Міхаіл Дзялец і яшчэ двое — прозвішчаў не помню. Праз пару дзён Садчанка і Дзялец накіраваліся ў Гомельскае партызанскае злучэнне І.П. Кожара, а Зіновіч быў прызначаны загадчыкам гаспадаркі.

Да красавіка 1942 года наш партызанскі атрад дзейнічаў самастойна. Мы падтрымлівалі сувязь з Гомельскім партызанскім злучэнням, з чарнігаўскім партызанскім атрадам імя Кацюбінскага са злучэння М.П. Таранушчанкі, які дзейнічаў на тэрыторыі тагачаснага Камарынскага раёна.

У маі 1942 года наша партызанская група ўжо налічвала 40 узброеных байцоў. У гэты час да нас прыйшоў А.Я. Міхневіч, які перад тым працаваў землямерам у Савіцкай воласці. Аляксандр Яфімавіч па ваеннай службе быў начальнікам штаба палка. Такі спецыяліст аказаўся нам вельмі дарэчы. Па прапанове Міхневіча переўтварылі сваю партызанскую групу ў атрад, прысвоіўшы яму імя героя грамадзянскай вайны Катоўскага. Вырашылі і арганізацыйнае пытання: мяне абралі камандзірам атрада, брата Фёдара — камісарам, а Міхневіча — начальнікам штаба.

Да лета 1942 года партызанскі атрад імя Катоўскага ўжо моцна непакоіў акупантаў. Таму начальнік брагінскай жандармерыі Вільгельм Фрыдрых неаднойчы спрабаваў выявіць і знішчыць партызан. У чэрпені 1942 года ён нават закамуфляваў «пад партызан» групу карнікаў і спрабаваў выявіць размяшчэнне народных мсціўцаў. Але — безвынікова. Партызаны загадзя даведаліся аб варожых планах праз падпольшчыка Пятра Анапрэенку, які працаваў паліцэйскім у Савічах.

Баявыя аперацыі да красавіка 1943 года мы праводзілі ў Брагінскім, Камарынскім і Хойніцкім раёнах. Але падчас іх не ўсё і не заўсёды было гладка. Напрыклад, 18 красавіка 1943 года павінен быў адбыцца прыём капітуляцыі і пераход у наш атрад паліцэйскіх піркаўскага гарнізона. Аб гэтым напярэдадні была дасягнута дамоўленасць паміж камісарам атрада Ф.I. Філіпенкам і піркаўскім бургамістрам Анапрэенкам. Аднак гэта аказалася здрадніцкай пасткай. Ф.I. Філіпенка і партызанская сувязная (сястра жонкі бургамістра Анапрэенкі) былі арыштаваны камендантам піркаўскай паліцыі Фясько і расстраляны.

Не дачакаўшыся вяртання камісара і сувязной, партызаны вырашылі ісці ў Піркі, але на подступах да вёскі былі сустрэты моцным агнём. Прыйшлосся адступіць. Пры гэтым атрымаў раненне ў нагу ўпаўнаважаны Палескага партызанскага злучэння Л.П. Баранаў, які знаходзіўся ў атрадзе імя Катоўскага.

Каб даведацца аб лёсе камісара Філіпенкі і сувязной, мы накіравалі ў Піркі сувязную Феню Якаўлеўну Грыцэнка і партызана Рамана Купрыянавіча Беразняцкага. Неўзабаве разведчыкі вярнуліся і паведамілі, што сувязная і камісар забіты паліцэйскімі.

За перыяд, на працягу якога я ўзначальваў партызанскі атрад імя Катоўскага, яго сіламі былі праведзены наступныя найбольш значныя баявыя аперацыі:

  1. У жніўні 1942 года знішчаны паліцэйскі апорны пункт пры Савіцкай воласці. Пры гэтым былі забіты 14 паліцэйскіх і два нямецкія шпіёны. У якасці баявых трафеяў катоўцы здабылі 14 вінтовак, кулямёт, 2 аўтаматы, 3 гранаты. Быў схоплены і расстраляны пасля допыту ў лагеры начальнік савіцкай паліцыі.
  2. Падрыўнік партызанскага атрада М.А. Данскі разам з партызанам Сямёнам Зылем зманціравалі міні-сюрпрыз у выглядзе пасылкі і праз старасту з в. Жэрднае Анісімава даставілі яе ў Брагін. Ад выбуху замініраванай пасылкі загінулі начальнік паліцыі Марчанка, некалькі паліцэйскіх і немцаў.
  3. У другой палавіне 1943 года рагромлены нямецка-паліцэйскі куст у в. Аравічы Хойніцкага раёна. Пры гэтым партызаны знішчылі прыстань на р. Прыпяць, 2 аўтамашыны, некалькі паліцэйскіх і немцаў, захапілі шмат зброі і боепрыпасаў.
  4. Знішчаны паліцэйскі куст у в. Карчовае Хойніцкага раёна, а яго начальнік расстраляны.
  5. У сакавіку 1943 года праз жыхара в. Савічы сувязнога Гаўрылу Харытонавіча Несцярэнку быў разагітаваны размешчаны ў Савічах 108-мы ўласаўскі батальён з 250 чалавек, па прымусе створаны гітлераўцамі з ваеннапалонных чырвонаармейцаў. Расстраляўшы пяцярых немцаў, што камандавалі батальёнам, яго байцы са зброяй прыйшлі ў лес. У партызанскім лагеры новае баявое папаўненне сустрэлі з радасцю. Нават быў праведзены мітынг. Затым 250 байцоў былога савіцкага батальёна былі накіраваны ў распарадженне Палескага партызанскага злучення ў в. Піліпаўку Капаткевіцкага раёна.
  6. Сумесна з народнымі мсціўцамі са злучэнняў С.А. Каўпака, А.М. Сабурава, М.І. Навумава 11 красавіка 1943 года прымалі ўдзел у разгроме Брагінскага нямецкага вайскова-паліцэйскага гарнізона. У выніку значная частка зброі і боепрыпасаў дасталася нашаму атраду.

Пасля гібелі Ф.І. Філіпенкі камісарам нашага атрада быў прызначаны П.Р. Зіновіч. Аднак нам не давялося доўга працаваць разам. У красавіку 1943 года па накіраванні Палескага падпольнага абкама КП(б) Беларусі ў атрад прыбыў у якасці ўпаўнаважанага сакратар Камарынскага райкама партыі. І.А. Шэйн з групай з дзесяці чалавек. У перасланай праз яго запісцы камандзірам Палескага партызанскага злучэння Ф.М. Языковічам мне прадпісвалася перадаць кіраўніцтва атрада імя Катоўскага начальніку штаба А.Я. Міхневічу, а самому разам з некалькімі катоўцамі і групай І.А. Шэйна ісці ў раён Камарына і стварыць там новае партызанскае фарміраванне. Так узнік партызанскі атрад імя Варашылава. Яго камандзірам быў я, а камісарам — І.А. Шэйн. У стварэнні атрада вялікую дапамогу нам аказалі кіраўнікі арганізаваных намі падпольных груп і сувязныя Канстанцін Анісімавіч Акуленка (в. Асарэвічы), Пётр Піліпенка (в. Ёлча), Васіль Чмуроў (в. Капоранка). Ужо ў червні 1943 года ў нашым атрадзе налічвалася 35 байцоў. У гэты час начальнікам штаба быў прызначаны кадравы ваенны, ураджэнец в. Новая Ёлча Аляксандр Архіпавіч Петрусевіч.

Наш новы партызанскі атрад дзейнічаў у раёне Камарына, на мяжы Брагінскага і Хойніцкага раёнаў. Нашай задачай было — не дапусціць стварэння немцамі ў вёсках або знішчэнне існаваўшых паліцэйскіх груп, пашкоджанне ліній сувязі, падрыў мастоў, прадухіленне вывазу акупантамі награбаваных у мірнага насельніцтва жывёлы, збожжа, вядзенне палітычнай прапаганды і агітацыі сярод жыхароў і інш. І мы многае рабілі ў гэтым плане. У прыватнасці, у ліпені 1943 года быў знішчаны паліцэйскі гарнізон у Камарыне. З таго часу акупацыйная ўлада ў гэтым гарпасёлку ўжо не аднаўлялася.

Да моманту злучэння з перадавымі часцямі Чырвонай Арміі 22 верасня 1943 года ў нашым партызанскім атрадзе налічвалася больш як 80 байцоў.

Усякае было ў цартызанскім жыцці: дводзілася адчуць і радаснь перамог, і горыч цяжкіх страт. Пры выкананні баявых заданняў, прарыве варожых блакад загінулі адважныя лясныя салдаты і партызанскія сувязныя Д.С. Анапрэенка, С.I. Кірычэнка, М.Д. Краўцоў, Пётр Піліпенка, Аляксей Смірноў і іншыя.

 

I. Ф. Ганжураў

Пожаловаться на сайт