Маім землякам
Дзе цяпер вы мае, дарагія вяскоўцы?
Край чужы, незнаёмы прытулaк вам даў.
Вас ласкава заву — землякі сцепаноўцы,
Толькі хтосьці — «чарнобыльцы» — сёння празваў.
Крыўдна мне гэта чуць, бо ці ж вы вінаваты,
Што смяротны віхор вас разнёс па зямлі.
Не са здрады сваe вы пакінулі хаты.
Паратунак знайсці ад бяды вы пайшлі.
Не сакрэт, вас не ўсюды цяплом сустракалі.
Многа болю, пакутаў прыйшлося спазнаць.
Працай шчырай вы свой дабрабыт будавалі.
Толькі ўсё давялося з нуля пачынаць.
Час няўмольна бяжыць, калыхаюцца дрэўцы,
Што пасаджаны вамі ля новых дамоў.
Ды застанецца жыць ў незагоеным сэрцы
Той куточак зямлі, любы наш Сцепаноў.
Валентина Савченко (Гришечкина)
Бацькоўская хата
Зноў і зноў я гляджу ў твае вокны пустыя.
Ў адзіноце жахлівай маўкліва стаіш.
За якія грахі, за учынкі якія
Паміж намі чарнобыльскі ўзведзены крыж?
Родны кут мой бацькоўскі, адзіны у свеце
Ты прытулaк, дзе дыхала лёгка заўжды,
Дзе сама узрасла, дзе смяяліся дзеці,
Не маглі прадчуваць набліжэнне бяды.
Было хараша тут, нават летам спякотным.
І зімой, калі снег да страхі засыпаў.
Тваёй печы цяпло — успамін бесклапотны.
Побач голас матулі пяшчотна гучаў.
Так балюча мне сёння за бацьку, за маці.
Горкі лёс адарваў іх ад роднай зямлі.
Не сустрэць ім ніколі мяне ў сваёй хаце,
Не ступаць з асалодай на весняй раллі.
Край мой любы! Навек без віны пакараны!
І у скрусе праходзяць дзянёчкі твае.
Мне б спаткацца з табой, ды шляхі абарваны
Да парога твайго прыпадаю у сне.
Валентина Савченко (Гришечкина)